Малады Фронт

Малады Фронт – найбуйнейшы моладзевы апазыцыйны рух Беларусі, які яднае ў сваіх шэрагах студэнцкую, працоўную й школьную моладзь. МФ - гэта шырокі нацыянальны моладзевы грамадзка-палітычны рух, які грунтуецца на нацыянальнай ідэі, хрысьціянска-дэмакратычных прынцыпах і імкненьні да поўнамаштабовых пераменаў у дзяржаве й грамадзтве.

Малады Фронт быў заснаваны ў 1997 годзе, увабраўшы ў сябе арганізацыйна не аформлены рух незалежніцкай моладзі, аб'яднаўшы ў сваіх шэрагах дзясяткі моладзевых ініцыятываў і арганізацыяў. З таго часу Малады Фронт прайшоў шэраг ступеняў свайго разьвіцьця, эвалюцыянаваўшы з пратэстнага руху 1996-97 гадоў у правацэнтрысцкую паводле палітычнай ідэалёгіі арганізацыю. Як вынік, Малады Фронт уваходзіць у шэраг палітычных моладзевых міжнародных арганізацый, такіх як European Democrat Students (EDS, па-беларуску: Эўрапейскія Дэмакратычныя Студэнты) і Youth of the European People's Party (YEPP, па-беларуску: Моладзь Эўрапейскай Народнай Партыі), мае партнэрскія стасункі з роднаснымі арганізацыямі Украіны, Чэхіі, Швэцыі, Літвы, Польшчы й іншых краінаў.
Мэтамі Маладога Фронту зьяўляецца аб'яднаньне і выхаваньне моладзі на грунце беларускай нацыянальнай ідэі, хрысьціянска-дэмакратычных прынцыпаў, пабудова грамадзянскай супольнасьці на падставах дэмакратыі і вольнага рынку, садзеяньне фарміраваньню духоўна й фізічна моцнага пакаленьня.

Малады Фронт мае ў сваіх шэрагах больш за 500 актывістаў і 2000 прыхільнікаў, аб'яднаных у Абласныя Рады МФ. Мясцовыя філіі Маладога Фронту ёсьць у больш чым 20-ці гарадох і мястэчках Беларусі.

Малады Фронт пачынаючы з 2000 года 5-ць разоў спрабаваў атрымаць рэгістрацыю ў Міністэрстве Юстыцыі Беларусі, але 5 разоў яму было адмоўлена па палітычных прычынах. У 2007-ым годзе, дзякуючы дапамозе чэскай грамадзкай арганізацыі “Свабодная Беларусь” Малады Фронт атрымаў афіцыйную рэгістрацыю ў Чэхіі.

Сябры арганізацыі знаходзяцца пад сталым ціскам з боку ўладаў, шэраг зь іх перасьледваліся па палітычных матывах і нават асуджаныя: самыя знакамітыя зь іх — гэта справы Аляксея Шыдлоўскага, Вадзіма Лабковіча, Паўла Севярынца, Паўла Мажэйкі, Артура Фінькевіча. Са сталай пэрыядычнасьцю шэрагоўцы і лідэры арганізацыі за сваю дзейнасьць падвяргаюцца адміністрацыйнаму перасьледу, самым распаўсюджаным відамі якога зьяўляюцца арышт (да 20 сутак) і штрафы. Не спыняецца таксама ціск і з боку спэцслужбаў рэжыму.

У 2006-ым годзе перад прэзыдэнцкімі выбарамі з мэтаю спыненьня моладзевага супраціву ў краіне й зьнішчэньня моладзевых апазыцыйных арганізацыяў па прапанове КДБ быў прыняты артыкул Крымінальнага кодэску № 193, які парушае Канстытуцыю РБ і міжнародныя пагадненьні па абароне правоў людзей, паводле якога асобы, якія “дзейнічаюць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” могуць быць прыцягнутыя да крымінальнае адказнасьці й асуджаныя да 2-х гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля прыняцьця артыкула практычна ўсе моладзевыя дэмакратычныя арганізацыі краіны, акрамя Маладога Фронту, спынілі сваё існаваньне. Празь некалькі месяцаў пасьля прыняцьця незаконнага артыкула аддзел КДБ па барацьбе з тэрарызмам і экстрэмізам ўзбудзіў каля 2 дзесяткаў крымінальных справаў супраць лідэраў Маладога Фронту. Увосень 2006 г старшыня Маладога Фронту, Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на 1,5 гады зьняволеньня.

Празь некаторы час у 2007-ым годзе была ўзьнятая новая хваля рэпрэсіяў. У траўні 2007 г, а пазьней у верасьні гэтага ж года 10 лідэраў Маладога Фронту былі пакараныя велізарнымі штрафамі. За час сьледзтва па крымінальных справах больш за 3 сотні чалавек па ўсё краіне былі дапытаныя ў пракуратурах і мясцовых аддзелах КДБ. Прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў правялікі больш за дзесятак ператрусаў на кватэрах актывістаў і офісах мясцовых філіяў МФ па ўсёй Беларусі.

На сёньняшні момант Малады Фронт зьяўляецца лідэрам палітычнага вулічнага супраціву, арганізоўваючы дзясяткі вулічных акцыяў штогод (найбольш вядомая зь іх — традыцыйная акцыя на Дзень сьвятога Валянціна “Мы любім Беларусь!”). За часы свайго існаваньня арганізацыя правяла каля 20 агульнанацыянальных грамадзка-палітычных кампаніяў.

Сябры Маладога Фронту прымалі ўдзел і перамагалі ў выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў (2003), удзельнічалі ў выбарах у Палату Прадстаўнікоў (2004). Заснаваны Маладым Фронтам блёк «Маладая Беларусь» уваходзіць у Стала Дзеючую Нараду дэмакратычных палітычных партыяў. Шэраг актывістаў арганізацыі ўвайшлі ў Арганізацыйны камітэт па заснаваньні Хрысьціянска-Дэмакратычнай Партыі Беларусі.

У 2006-ым годзе актывісты Маладога Фронту былі аднымі з самых актыўных сяброў штабу адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча.

У 2007-ым годзе прадстаўнік Маладога Фронту Зьміцер Хведарук быў прыняты на вышэйшых узроўні ў Вашынгтоне й меў сустрэчу з прэзыдэнтам ЗША, Джорджам Бушам.